Праверка колькасці і якасці тавару складае важную стадыю ў працэсе выканання дагавора пастаўкі. У мэтах мінімізацыі рызык, звязаных з неналежнай пастаўкай і забеспячэннем абароны ў судзе сваіх прэтэнзій, бакам неабходна ўжо на стадыі заключэння дагавора паклапаціцца аб урэгуляванні парадку прыёмкі прадукцыі.
Прадпрыемства можа загадзя засцерагчы сябе ад страт, звязаных з недапастаўкай тавараў і пастаўкай тавараў неналежнай якасці, прадугледзеўшы ўдзел у момант прыёмкі тавару эксперта Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Такая магчымасць прадугледжана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 2008 г. № 1290 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб прыёмцы тавараў па колькасці і якасці".
Экспертная дзейнасць, што ажыццяўляецца абласнымі ўнітарнымі прадпрыемствамі БелГПП, з'яўляецца гарантыяй бяспекі выканання знешнегандлёвых дагавораў і дагавораў пастаўкі тавараў.
Нашы прадпрыемствы аказваюць поўны комплекс паслуг ад традыцыйнай экспертызы колькасці, якасці і камплектнасці да ўнікальных экспертных работ.
Унітарныя прадпрыемствы БелГПП на платнай аснове на падставе грамадзянскага прававога дагавора акажуць паслугі па экспертызе колькасці, якасці, камплектнасці прадукцыі, машын, абсталявання, сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, тавараў народнага спажывання.