Семінар «Ганконг 2024 – магчымасці і супрацоўніцтва»
28 лютага 2024 г

Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і прадстаўніцтвам Савета па развіццю гандлю Ганконга (HKTDC) арганізаваны семінар «Ганконг 2024 – магчымасці і супрацоўніцтва».

У мерапрыемстве, якое праходзіла на пляцоўцы БелГПП і ў рэжыме відэаканферэнцыі, прынялі ўдзел больш за 170 прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у выкарыстанні патэнцыялу Ганконга як аднаго з найбуйнейшых фінансавых і гандлёвых цэнтраў свету, пляцоўкі для выхаду на рынкі КНР і іншых краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна.

Мадэратарам мерапрыемства выступіў намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін. Ён адзначыў, што семінар закліканы садзейнічаць далейшаму развіццю дзелавых сувязей паміж беларускімі і ганконскімі кампаніямі, прадставіць магчымасці для сумесных праектаў у розных галінах, стаць платформай для абмену вопытам, ідэямі, кантактамі.

Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у спецыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг Кітайскай Народнай Рэспублікі Таццяна Харлап і кіраўнік прадстаўніцтва HKTDC у ЕАЭС, Грузіі, Азербайджане і Малдове, старшы саветнік у Расіі, СНД і дзяржавах Балтыі Invest HK, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі дзелавога супрацоўніцтва «Расія – Ганконг» Леанід Арлоў прадставілі ўвазе беларускіх дзелавых колаў перспектывы ўзаемадзеяння з бізнесам Ганконга ў 2024 годзе, магчымасці спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Кітая як сусветнага лагістычнага цэнтра, цэнтра тэхналогій і інавацый, а таксама перавагі выкарыстання міжнародных выстаў, канферэнцый і іншых В2В-сэрвісаў Савета па развіццю гандлю Ганконга як інструментаў для выхаду на рынкі краін Азіі.

Дырэктар беларускай ІТ-кампаніі ТАА «Софт Скай Дэвелапмент» Дзмітрый Нор распавёў аб паспяховым вопыце супрацоўніцтва з ганконскімі кампаніямі ў галіне тэхналогій.

Пасля завяршэння прэзентацый мерапрыемства прадоўжылася ў фармаце бізнес-нетворкінга, дзе прадстаўнікі беларускіх кампаній атрымалі магчымасць задаць спікерам пытанні аб развіцці адносін з партнёрамі ў Ганконгу.

Фота
Відэа