Адкрыццё новай адукацыйнай праграмы ў Акадэміі экспарту БелГПП
26 кастрычніка 2023 г

Сімвалічны першы званок празвінеў для слухачоў новай навучальнай праграмы Акадэміі экспарту – спецыялізаванага праекта Цэнтра дзелавой адукацыі пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.

«Экспарт у новай рэальнасці» – па гэтай новай праграме пройдуць навучанне кіраўнікі і супрацоўнікі айчынных прадпрыемстваў і арганізацый, якія працуюць у розных сферах, звязаных з прасоўваннем экспарту беларускіх тавараў і паслуг. Навучаць слухачоў будуць прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, банкаў і іншых арганізацый, якія падтрымліваюць экспарцёраў, эксперты Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, вядомыя бізнес-трэнеры.

На сустрэчу са слухачамі Акадэміі экспарту ў дзень адкрыцця прыйшлі намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Мялешкін, дырэктар Цэнтра дзелавой адукацыі пры БелГПП Алена Харашэўская, а таксама выкладчыкі.

Вітаючы слухачоў, Дзяніс Мялешкін у прыватнасці заўважыў, што Акадэмія экспарту ўжо шосты год адчыняе свае дзверы для тых, хто жадае атрымаць прафесійныя веды ў галіне экспарту прадукцыі і паслуг, незалежна ад рангу і велічыні сваёй арганізацыі. За гэты час праект ператварыўся ў пляцоўку для абмену досведам. У сучасных умовах і кадры, і веды ў літаральным сэнсе вырашаюць усё. Таму для будучых спецыялістаў у галіне ЗЭД распрацаваны ўнікальны бізнес-курс «Экспарт у новай рэальнасці» – менавіта ў той рэальнасці, у якой сёння працуюць беларускія прадпрыемствы.

Слухачоў чакае 12 навучальных модуляў – своеасаблівых 12 ступеняў да ведаў, прайшоўшы якія ў тэорыі і на практыцы менеджэры ў галіне ЗЭД будуць гатовы да распрацоўкі ўласных сучасных экспартных стратэгій сваіх прадпрыемстваў з улікам новых геапалітычных умоў.

«У гэты раз сярод удзельнікаў шмат флагманаў айчыннага рынку, – сказала Алена Харашэўская. – «Амкадор», МАЗ, МТЗ, «Керамін», Аршанскі льнокамбінат, «Рэчыцадрэў» і іншыя буйныя кампаніі, арыентаваныя на экспарт. Беларусь – экспартна арыентаваная краіна, і кадравы патэнцыял зараз вырашае ўсё. Калі спецыяліст валодае актуальнымі практычнымі навыкамі, умее іх укараніць на прадпрыемстве, то экспарт тавараў на ўсе рынкі будзе расці».

У цэлым праграма Акадэміі экспарту дапаможа атрымаць веды аб асаблівасцях выбару рынкаў збыту, эфектыўным кіраванні продажамі, складанні знешнегандлёвых кантрактаў, іх экспертызе, а таксама аб правілах удзелу ў выставах, новаўвядзеннях у сістэме абароны інтэлектуальнай уласнасці. На практыцы будуць мадэлявацца сітуацыйныя навучальныя блокі па правядзенні разлікаў пры экспартных пастаўках, лагістыцы, падрыхтоўцы прэзентацый і вядзенні перагавораў з замежнымі партнёрамі.

Па выніках асваення праграмы слухачы атрымліваюць сертыфікат аб навучанні дзяржаўнага ўзору і сертыфікат Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

 

Фота
Відэа